ВА́ГІ АНАЛІТЫ́ЧНЫЯ,

вагі для дакладнага вымярэння масы цела. Бываюць раўнаплечыя, аднаплечыя і электронныя. Манціруюцца на пластмасавай або шкляной аснове і змяшчаюцца ў спец. шафку. Забяспечваюцца прыстасаваннямі для павышэння дакладнасці і хуткасці ўзважвання: заспакойвальнікамі ваганняў каромысла, цеплавымі экранамі, механізмамі накладання і здымання ўбудаваных гіраў, найменнымі шкаламі і інш.

Апоры рычага (каромысла) вагі аналітычныя — прызмы і падушкі са спец. сталяў або цвёрдых камянёў (карунд, агат). Пункт апоры бывае пасярэдзіне (раўнаплечыя) ці зрушаны ад сярэдзіны рычага (аднаплечыя вагі аналітычныя). Асн. частка нагрузкі на адну з шаляў ураўнаважваецца гірамі на другой, астатняе вымяраецца па вугле адхілення каромысла ад становішча раўнавагі па найменнай шкале. Электронныя вагі аналітычныя маюць аналагавы і лічбавы выхад са стандартнымі сігналамі для далучэння да ЭВМ, дысплеяў, графапабудавальнікаў і інш. Прадугледжана магчымасць далучэння блока праграмнага кіравання. У памяці мікрапрацэсарнага блока закладзены праграмы для падрыхтоўкі да работы, праверкі функцыянавання, дыягностыкі дэфектаў і інш.

П.А.Пупкевіч.

т. 3, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)